АКТЫ́ЎНЫ ЦЭНТР у біяхіміі, участак у малекулах ферментаў, які непасрэдна ўзаемадзейнічае з субстратам. У актыўны цэнтр уваходзяць функцыянальныя групы бакавых ланцугоў некаторых амінакіслот (гістыдзіну, цыстэіну, серыну і інш.), а таксама атамы металаў і каферменты. Утвараецца ў бялковай малекуле ў выніку збліжэння пэўных участкаў поліпептыднага ланцуга. Актыўным цэнтрам з’яўляюцца таксама ўчасткі малекул антыцелаў, якія звязваюцца з бактэрыямі, вірусамі і інш. антыгенамі.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)